Меморандум Министерства иностранных дел Республики Беларусь от 24 июля 2006 г.
Мемарандум аб узаемаразуменнi ў сферы палiтычных кансультацый памiж Мiнiстэрствам замежных спраў Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрствам замежных спраў Балiварыянскай Рэспублiкi Венесуэла


Мемарандум

аб узаемаразуменнi ў сферы палiтычных кансультацый памiж Мiнiстэрствам замежных спраў Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрствам замежных спраў Балiварыянскай Рэспублiкi Венесуэла

Уступiў у сiлу 24 лiпеня 2006 года


Мiнiстэрства замежных спраў Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрства замежных спраў Балiварыянскай Рэспублiкi Венесуэла, якiя далей называюцца Бакамi,

натхнёныя жаданнем умацоўваць сяброўскiя адносiны памiж абодвума народамi i супрацоўнiцтва памiж абедзвюма дзяржавамi на падставе ўзаемаразумення,

iмкнучыся да далейшага развiцця дружбы i супрацоўнiцтва ў адпаведнасцi з мэтамi i прынцыпамi Статута Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i агульнапрызнанымi нормамi мiжнароднага права,

перакананыя ў тым, што дыялог па пытаннях двухбаковых адносiн i мiжнародных тэм садзейнiчае найбольшаму зблiжэнню памiж Рэспублiкай Беларусь i Балiварыянскай Рэспублiкай Венесуэла,

дамовiлiся аб нiжэйпададзеным:

Артыкул 1

Бакi праводзяць кансультацыi па пытаннях, што датычацца развiцця ўзаемнага двухбаковага супрацоўнiцтва i супрацоўнiцтва на шматбаковым узроўнi ў галiнах палiтыкi, эканомiкi, культуры, навукi i тэхнiкi i гуманiтарнага супрацоўнiцтва.

Артыкул 2

Бакi садзейнiчаюць развiццю супрацоўнiцтва i праводзяць кансультацыi, накiраваныя на каардынацыю iх пазiцый па розных пытаннях, што ўяўляюць узаемны iнтарэс, у рамках мiжнародных i рэгiянальных арганiзацый i форумаў.

Артыкул 3

У межах сваёй кампетэнцыi i сумесна з адпаведнымi ўстановамi кожнай з дзяржаў Бакi супрацоўнiчаюць з мэтай устанаўлення i развiцця непасрэдных сувязяў памiж адпаведнымi дзяржаўнымi iнстытутамi i арганiзацыямi абедзвюх краiн.

Артыкул 4

Бакi праводзяць кансультацыi, згаданыя ў артыкуле 1, для абмену вопытам, думкамi i iнфармацыяй, па ўзаемнаму жаданню Бакоў у Нью-Йорку пад час сесiй Генеральнай Асамблеi Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый або пачаргова ў Мiнску i ў Каракасе. Для правядзення кансультацый Бакi будуць паведамляць па дыпламатычных каналах аб стварэннi камiсiй, рабочых груп i груп экспертаў. Бакi своечасова будуць вызначаць дату, парадак дня i склад удзельнiкаў кожнай сустрэчы.

Артыкул 5

Усе сумненнi i рознагалоссi, якiя могуць узнiкаць у сувязi з тлумачэннем i ажыццяўленнем дадзенага Мемарандума, вырашаюцца шляхам перамоў памiж Бакамi.

Артыкул 6

Дадзены Мемарандум заключаецца тэрмiнам на тры гады i ўступае ў сiлу з даты яго падпiсання. Дзеянне Мемарандума аўтаматычна падаўжаецца на наступныя трохгадовыя перыяды, пакуль адзiн з Бакоў не паведамiць другому ў пiсьмовай форме па дыпламатычных каналах не пазней як за шэсць месяцаў да сканчэння чарговага тэрмiну дзеяння Мемарандума аб сваiм намеры спынiць яго дзеянне.

У гэтым выпадку дзеянне Мемарандума спыняецца праз шэсць месяцаў пасля атрымання другiм Бокам такога паведамлення.

Дадзены Мемарандум аб узаемаразуменнi можа быць зменены па ўзаемнай згодзе Бакоў. Гэтыя змяненнi ўступяць у сiлу з моманту падпiсання.



Здзейснена ў г. Мiнску 24 лiпеня 2006 года ў двух экземплярах на беларускай i iспанскай мовах, прычым усе тэксты маюць аднолькавую сiлу.