Постановление Министерства культуры Республики Беларусь от 12 января 2007 г. № 6

ПАСТАНОВА МIНIСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

12 студзеня 2007 г. № 6

Аб Мiжнародным фестывалi Праваслаўных Песнапенняў

У адпаведнасцi з Палажэннем аб парадку арганiзацыi i правядзення фестываляў на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, фiнансуемых з рэспублiканскага i (цi) мясцовых бюджэтаў, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 красавiка 2006 г. № 521, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Правесцi з 15 па 22 красавiка 2007 г. у г. Мiнску IX Мiжнародны фестываль Праваслаўных Песнапенняў.

2. Зацвердзiць:

прыкладзенае Палажэнне аб Мiжнародным фестывалi Праваслаўных Песнапенняў;

склад арганiзацыйнага камiтэта IX Мiжнароднага фестывалю Праваслаўных Песнапенняў згодна з дадаткам да дадзенай пастановы.

Мiнiстр

У.Ф.Матвейчук

УЗГОДНЕНА

Старшыня МГА «Грамадства
падтрымкi хрысцiянскай
культуры «Добротолюбие»

Л.А.Густова-Рунцо

07.12.2006

УЗГОДНЕНА
Упаўнаважаны па справах
рэлiгiй i нацыянальнасцей

Л.П.Гуляка

07.12.2006

УЗГОДНЕНА

Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi
Фiларэт
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi

21.12.2006

Дадатак да пастановы
Мiнiстэрства культуры
Рэспублiкi Беларусь 12.01.2007 № 6

СКЛАД
арганiзацыйнага камiтэта IX Мiжнароднага фестывалю Праваслаўных Песнапенняў

Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi
Фiларэт
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi

старшыня аргкамiтэта (з яго згоды)

Матвейчук
Уладзiмiр Фёдаравiч

Мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь, сустаршыня

Гуляка
Леанiд Паўлавiч

Упаўнаважаны па справах рэлiгiй i нацыянальнасцей, сустаршыня (з яго згоды)

Радзькоў
Аляксандр Мiхайлавiч

Мiнiстр адукацыi Рэспублiкi Беларусь, сустаршыня (з яго згоды)

Русакевiч
Уладзiмiр Васiльевiч

Мiнiстр iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, сустаршыня (з яго згоды)

Паўлаў
Мiхаiл Якаўлевiч

старшыня Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта, сустаршыня (з яго згоды)

Грозаў
Уладзiмiр Усеваладавiч

выканаўчы дырэктар выдавецтва Беларускага Экзархата, намеснiк старшынi (з яго згоды)

Бутрым
Георгiй Аляксеевiч

начальнiк упраўлення сацыяльнай i выхаваўчай работы Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь (з яго згоды)

Гарбар
Аляксандр Валянцiнавiч

генеральны дырэктар установы «Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга фiлармонiя»

Густова
Ларыса Аляксандраўна

старшыня мiжнароднага грамадскага аб’яднання «Грамадства падтрымкi хрысцiянскай культуры «Добротолюбие», кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтваў, аўтар праекта i мастацкi кiраўнiк фестывалю (з яе згоды)

Рунцо
Дзмiтрый Уладзiмiравiч

выкладчык Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта, член мiжнароднага грамадскага аб’яднання «Грамадства падтрымкi хрысцiянскай культуры «Добротолюбие», выканаўчы дырэктар фестывалю (з яго згоды)

Цiхановiч
Аляксандр Рыгоравiч

народны артыст Беларусi (з яго згоды)

Чэрнiк
Васiлiй Мечыслававiч

начальнiк упраўлення ўстаноў культуры i народнай творчасцi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь

ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова
Мiнiстэрства культуры
Рэспублiкi Беларусь 12.01.2007 № 6

ПАЛАЖЭННЕ
аб Мiжнародным фестывалi Праваслаўных Песнапенняў

1. Дадзенае Палажэнне ўстанаўлiвае агульны парадак арганiзацыi, падрыхтоўкi i правядзення Мiжнароднага фестывалю Праваслаўных Песнапенняў (далей – фестываль).

2. Фестываль праводзiцца Беларускiм Экзархатам, Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлiгiй i нацыянальнасцей, Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, Мiнскiм гарадскiм выканаўчым камiтэтам, мiжнародным грамадскiм аб’яднаннем «Грамадства падтрымкi хрысцiянскай культуры «Добротолюбие» (далей – заснавальнiкi).

3. Фестываль праводзiцца ў мэтах духоўнага асветнiцтва, папулярызацыi духоўнай спадчыны i сучаснай творчасцi ў галiне праваслаўнай культуры, развiцця i ўмацавання мiжнародных культурных сувязей на падставе фундаментальных духоўных каштоўнасцей.

4. Фестываль мае статус мiжнароднага i прадугледжвае ўдзел творчых дэлегацый не менш чым з пяцi замежных краiн.

5. Перыядычнасць правядзення фестывалю – адзiн раз у два гады. Канкрэтныя тэрмiны яго правядзення вызначаюцца заснавальнiкамi.

6. Месцам правядзення фестывалю з’яўляюцца арганiзацыi культуры, праваслаўныя храмы, канцэртныя, сцэнiчныя i спецыяльна абсталяваныя пляцоўкi г. Мiнска i iншых населеных пунктаў, якiя адпавядаюць неабходным патрабаванням канцэртнай i выставачнай дзейнасцi i садзейнiчаюць вырашэнню мастацкiх задач фестывалю.

7. Кiраўнiцтва па падрыхтоўцы i правядзеннi фестывалю ажыццяўляе арганiзацыйны камiтэт фестывалю (далей – аргкамiтэт), якi фармiруецца з прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў (са згоды iх кiраўнiкоў) i зацiкаўленых арганiзацый, якiя прымаюць удзел у правядзеннi фестывалю.

8. Аргкамiтэт:

8.1. уносiць на разгляд заснавальнiкаў прапановы па каштарысе выдаткаў на арганiзацыю i правядзенне фестывалю, умовах правядзення конкурсу i вiдах заахвочвання ўдзельнiкаў фестывальных мерапрыемстваў;

8.2. разглядае i зацвярджае:

склад рэжысёрска-пастановачнай групы;

склад журы, якi фармiруецца з дзеячаў культуры i мастацтва, святароў;

спiс удзельнiкаў фестывалю;

праграму правядзення фестывалю;

фестывальную сiмволiку, узоры ўзнагарод, iншую атрыбутыку;

план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзеннi фестывалю;

8.3. вызначае вiды i формы iнфармацыйна-рэкламнай падтрымкi фестывалю;

8.4. вырашае iншыя пытаннi, звязаныя з падрыхтоўкай i правядзеннем фестывалю.

9. Дырэкцыя фестывалю ажыццяўляе яго непасрэдную падрыхтоўку i правядзенне.

Абавязкi дырэкцыi фестывалю выконвае мiжнароднае грамадскае аб’яднанне «Грамадства падтрымкi хрысцiянскай культуры «Добротолюбие».

10. Рэжысёрска-пастановачная група:

10.1. уносiць на разгляд аргкамiтэта прапановы па стварэннi агульнай канцэпцыi правядзення фестывалю;

10.2. распрацоўвае сцэнарыi фестывальных мерапрыемстваў;

10.3. праводзiць сумесна з дырэкцыяй фестывалю рэжысёрска-пастановачныя i рэпетыцыйныя работы.

11. Праграма фестывалю прадугледжвае правядзенне канцэртных выступленняў калектываў мастацкай творчасцi, вечарыны духоўнай паэзii i аўтарскай песнi, выстаў мастацкай творчасцi, якiя не абмяжоўваюцца перыядам правядзення фестывалю, конкурсу харавых прафесiйных i непрафесiйных (аматарскiх) калектываў (ансамбляў) мастацкай творчасцi, канферэнцыi i майстар-класы, дэманстрацыю iншых вiдаў i напрамкаў творчай дзейнасцi, якiя не супярэчаць мэтам i задачам фестывалю.

12. У фестывальных мерапрыемствах прымаюць удзел прафесiйныя i непрафесiйныя (аматарскiя) свецкiя харавыя калектывы, царкоўныя i прыходскiя хары з розных рэгiёнаў Рэспублiкi Беларусь i замежных краiн.

13. Колькасны склад хора не павiнен перавышаць 30 чалавек, вакальнага ансамбля – 16 чалавек. Колькасць асоб, якiя суправаджаюць творчую дэлегацыю, у тым лiку з вадзiцелямi транспартных сродкаў, не павiнна перавышаць 5 чалавек.

14. Склад удзельнiкаў фестывалю вызначаецца аргкамiтэтам пасля папярэдняга разгляду членамi аргкамiтэта i журы конкурса фестывалю дасланых заявак на ўдзел у фестывалi, аформленых па ўстаноўленаму аргкамiтэтам узору.

15. Заяўкi на ўдзел у фестывалi дасылаюцца ў тэрмiн, вызначаны аргкамiтэтам, але не пазней чым за два месяцы да пачатку фестывальных мерапрыемстваў на адрас Беларускага Экзархата.

16. Заяўка змяшчае поўную назву калектыва (з указаннем адраса, тэлефона, факса) i колькасны склад дэлегацыi (у тым лiку мужчын, жанчын).

17. Да заяўкi дадаюцца:

поўны спiс удзельнiкаў дэлегацыi (указваюцца прозвiшча, iмя, iмя па бацьку кiраўнiка творчай дэлегацыi, кiраўнiка калектыву мастацкай творчасцi, удзельнiкаў калектыву мастацкай творчасцi, суправаджаючых асоб);

поўны спiс конкурснай i канцэртнай праграмы (з указаннем часу гучання кожнага твора);

творчая iнфармацыя аб калектыве мастацкай творчасцi i яго кiраўнiку (дырыжоры);

фота калектыву мастацкай творчасцi (каляровае не менш 10 х 15 см);

копii партытур выконваемых конкурсных твораў i iх запiсы ў выкананнi калектыву на лiчбавых аўдыё- i вiдэаносьбiтах.

18. Згода на ўдзел у фестывалi пацвярджаецца афiцыйным запрашэннем аргкамiтэта да ўдзелу ў фестывальных мерапрыемствах.

19. Калектывы-ўдзельнiкi фестывалю прымаюць удзел:

ва ўсiх фестывальных мерапрыемствах згодна з дадзеным Палажэннем;

у канцэртных выступленнях, месца якiх вызначае аргкамiтэт;

пераможцы конкурсу – у заключным канцэрце фестывалю i ў складзе зводнага хора ўдзельнiкаў фестывалю.

20. Працягласць канцэртных выступленняў вызначае рэжысёрска-пастаноўчая група фестывалю.

21. У рамках фестывалю праводзiцца конкурс царкоўных i свецкiх хароў (вакальных ансамбляў) у наступных катэгорыях па дзвюх узроставых групах:

дзiцячыя хары нядзельных рэлiгiйных школ;

дзiцячыя хары агульнаадукацыйных i музычных школ;

аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасцi, якiя захоўваюць традыцыi старадаўнiх праваслаўных спеваў;

дарослыя царкоўна-прыходскiя хары сельскiх i гарпасялковых населеных пунктаў;

дарослыя царкоўна-прыходскiя хары гарадскiх населеных пунктаў;

дарослыя свецкiя аматарскiя хары i хары спецыяльных музычных навучальных устаноў;

прафесiйныя харавыя калектывы мастацкай творчасцi.

22. Час конкурснага выступлення – да 20 хвiлiн.

23. Да конкурсных выступленняў удзельнiкаў фестывалю прад’яўляюцца наступныя патрабаваннi:

23.1. харавыя калектывы выконваюць песнапеннi на кананiчныя тэксты Праваслаўнай Царквы. Для калектываў, якiя бяруць удзел у конкурсе, абавязкова выкананне песнапення знаменнага, цi пуцявога, цi дэмественнага, цi кiеўскага, цi балгарскага, цi грэчаскага распева (не ў гарманiзацыi) i абiходнага песнапення. Акрамя гэтага, для свецкiх калектываў абавязкова выкананне песнапення сучаснага аўтара;

23.2. абiходнае песнапенне выконваецца «па тэксце», гэта значыць па тыпе падобна на глас цi на абiходную мелодыю;

23.3. выкананне песнапенняў «Херувiмская песнь» i «Мiласць мiра» не дапускаецца;

23.4. пажадана выкананне песнапення, прысвечанага беларускiм святым.

24. Конкурснае выступленне ацэньвае журы Мiжнароднага фестывалю Праваслаўных Песнапенняў.

25. Крытэрыем ацэнкi конкурснай праграмы ў спалучэннi з агульнамузыкальнымi патрабаваннямi з’яўляецца ўзровень валодання калектывамi царкоўна-богаслужэбным стылем спеваў:

пастраенне формы выканання песнапення (уключаючы акцэнты, дынамiку, цэзуры);

абмежаванне ў выкананнi знешняй эфектнасцi i заўзятасцi эмоцый;

змястоўна-вобразнае асмысленне прыналежнасцi песнапення да пэўнага гласу (пры iх наяўнасцi);

выбар песнапення сучаснага аўтара павiнен грунтавацца на дачыненнi гэтага песнапення богаслужэбна-пеўчым традыцыям i духу царкоўных спеваў.

26. Па вынiках рашэння журы ў кожнай намiнацыi вызначаецца дыпламант i лаўрэат конкурсу. Па рашэннi журы ўдзельнiкi конкурсу узнагароджваюцца спецыяльнымi дыпломамi.

27. Па рашэннi аргкамiтэта з асобнымi запрошанымi калектывамi i iндывiдуальнымi выканаўцамi пры неабходнасцi заключаюцца дагаворы, якiя прадугледжваюць iншыя ўмовы ўдзелу ў фестывалi, не вызначаныя дадзеным Палажэннем.

28. Для ўдзельнiкаў фестывалю засноўваюцца заахвочваннi, рашэнне аб узнагароджаннi якiмi прымаецца аргкамiтэтам.

29. Фiнансаванне выдаткаў па ўтрыманнi ўдзельнiкаў фестывалю ў час яго правядзення (харчаванне, пражыванне, экскурсiйнае абслугоўванне i iншае) ажыццяўляецца за кошт сродкаў фестывалю ў адпаведнасцi з зацверджаным каштарысам.